epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Якое яно, маё шчасце?.."

Якое яно, маё шчасце?

Які яго смак і колер?

Іншым такое не скласці

Ніколі...

Перш, як з табой адкусілі

Ад бохана вечнасці крыху,

З упартасцю доўгай мясілі

Нязвычнае цеста паціху...

Цярпліва люляючы згоду,

Мы дабаўлялі даволі

Ад пацалункаў — мёду

І ад слязіны — солі.

Ад першых спатканняў — хмелю

Ад расставанняў — перцу...

Вядзьмарылі, як умелі,

Каб шчасце было па сэрцу!

Штодзень ад яго рэжам,

Грэем ласкава рукамі,

Каб дыхала водарам свежым,

Не зачарсцвела, як камень.

І не натолім попыт,

Што сну не дае чалавеку.

Адзіны хвалюе клопат:

Толькі б хапіла давеку...

Вы, бачу, не рады такому?

Вам яно не па густу?

Дык ад яго ж нікому

Я не адкрою лусту.