epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Яшчэ раз пра зоркі

Ведь, если звезды зажигают,

Значит — это кому-нибудь нужно?

Ул. Маякоўскі

 

 

 

Хочацца бачыць зорку —

З мараў муруй пагорак.

Бо вельмі сумна і горка,

Калі не відаць зорак.

 

Няўлоўны ваш цуд праменны,

Госці майго бяссоння.

Зніклі ў век каменны,

А ззянне даходзіць сёння.

 

Хіліць долу няспынна

Днём зямны клопат.

А потым выпроствае спіны

На вышыню попыт.

 

У поўнач, як сціхне праца,

І высі, імжой схаваныя,

У горадзе загарацца

Зоркі намаляваныя.

 

Пад носам тваім для аздобы

Фанернае неба павесяць.

І вокал тваёй асобы

Круцяцца зоркі і Месяц.

 

Але не доўга скоўвае

Цябе мітусня зямная —

Хваляю выбуховаю

Свет навіна скаланае.

 

Ізноў чалавек у космасе...

Дзень добры, мой лёс высакосны!

З нейкім крылатым адчаем

Мы вышыню прыручаем.

 

Ранічкай ля кіёска —

Строем бясконцае войска:

Стаім у чарзе за небам,

Як у вайну за хлебам.

* * *