epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ёсць словы..."

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два:

Зямля, вада, паветра і трава.

Але чаму ж, як вымаўляю іх,

Шчымліва перахоплівае дых?

Зямля —

Прытулак зла і дабраты,

Клубок расчараванняў і падзей,

Няма вышэйшай радасці ў людзей,—

Як адчуваць, што пад нагамі ты.

Вада...

Хоць я жыву на астраўку,

Над прорвай акіянскай глыбіні,

Тужу з няўтольнай смагай па глытку

Тваёй выратавальнай чысціні.

Але якім каштоўнасцям раўня —

Паветра, чым мы дыхаем штодня?

Звяры і людзі, дрэвы і кусты,

Мы ўміг загінем, калі знікнеш ты.

Пакуль з няўмольнай цвёрдасцю бетон

Бярэ планету ў шэры свой палон,

Я бласлаўляю ў ранак веснавы

Зялёны бунт, зялёны ўзлёт травы...

Я веру, што ніколі не міне

Усё, чым даражу і чым жыву.

Ці ж многа так прашу? Пакіньце мне

Зямлю, ваду, паветра і траву.