epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Юбілейнае

Нехта чхнуў — кадзільны дым прамоў

Гэтак зачадзіў на юбілеі...

І здаецца, быццам сто грамоў

Бухае ў парожнюю балею.

 

Ледзь не камянее ад пахвал

Юбіляр, нібыта ўвесь з цэмента.

Хоць бяры ды стаў на п’едэстал —

Велічней не знойдзеш манумента!

 

І яго мне крышачку шкада:

Хіба ноша гэтакая ўзрадуе,

Калі толькі тонамі руда

І ні грама, ні крупінкі радыю.

 

І ў душы сваволіць скандаліст:

З лаўраў, што ўзвалілі на паэта,

Выскубнуць хаця б адзіны ліст —

Верш прыправіць, посны, як дыэта...