epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Юнацтва туманныя рэбусы..."

Юнацтва туманныя рэбусы

Яшчэ ў галаве карагодзяць.

Гады мае, як тралейбусы,

Прыходзяць і адыходзяць.

Пад імі

— прамыты ліўнямі

Асфальт маршрутаў штодзённых.

Над імі —

высокая лінія,

Што ў пальцах жалезабетонных.

А дзе ж ты, са скрыпам фурманка?

Калдобіны.

Тракт дрыготкі.

Прасёлачная гайданка.

Трэсла. А ехалі ўсё-такі!

 

На колах туга тарахцела.

Як мне карцела тым часам

Асфальту рабое цела

Пакратаць сваім абцасам!

 

Світання туманныя рэбусы,

Вам поўдзень разгадку знаходзіць.

Гады мае, як тралейбусы,

Прыходзяць і адыходзяць.

 

Далёка яшчэ тупік,

Куды заганяе поўнач.

Няхай жа ў гадзіны пік

Нас людзі да краю запоўняць.

 

На травы асфальт цячэ —

Раўняюць, трамбуюць, прасуюць.

Ды з крэктам усё ж яшчэ

Колы на ўздыме буксуюць.

 

Ад гулу калоціцца руль,

Патрэсквае ток прыручаны.

Ды я не прыстану —

пакуль

Да лініі сэрцам падключаны!

* * *