epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Каб чыстым было неба

Ноч палоскамі святла — расколата,

Быццам нехта дужы з сілай волата

Венікам махае прамяністым,

Каб было начное неба чыстым.

Паглядзіш — і ў памяці паўстане

Ненарокам той мінулы час,

Калі неба і агнём, і сталлю

Рушылася з грукатам на нас.

Праз гады пачуецца, як рэха,

Плач малой дзяўчынкі, што дарма

Клікала сваю матулю ехаць —

Дзе нябёс няма...

Хоць начная цемра мной расколата,

Не падобны я зусім на волата...

Б’е святлом пражэктар мой.

Юнак я просты,

Да таго ж і невялікі ростам.

Я мячом махаю прамяністым,—

Каб было начное неба чыстым

І ні дзецям, і ні ўнукам нашым

Не здавалася ніколі страшным.