epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Каласы

Мы — галасы зямной красы,

Мы — кроплі ў жытнім моры.

Мы — каласы, мы галасы

У небывалым хоры.

Мы так спяшаліся даспець,

Цягнуліся да неба,

Каб на высокай ноце спець

Зямную песню хлеба.

Нас, што ад горкіх летніх страт

Радзелі часта-часта,

Няміласці нябеснай град

Хацеў скасіць заўчасна.

Ці зналі мы, калі для мар

Прасілі ў сонца крылы,

Што ўласнай спеласці цяжар

Трымаць не хопіць сілы?

Век карацей або даўжэй,

Ды ўрэшце — лёс адзіны.

Чым мы цяжэй, тым мы бліжэй

Да жніўнае гадзіны.

Ахвярны лёс — жытнёвы лёс.

Ды іншага не трэба,

Калі ты ў гэты свет прынёс

Хаця б зярнятка хлеба.

Даспелі мы, паспелі мы

На свой рубеж апошні...

Хай рэжа плугам час нямы

Тугу асенняй пожні.