epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Калі мудрыя рукі ў цябе

Не ўзыходзіць,

А чэзне і гіне насенне,

Калі кідае сейбіт яго

На каменне.

Гэта зналі стагоддзямі голыя скалы,

І прырода нічога ад іх не чакала.

І фарсілі каменні

Зімой і вясною

Бассаромнай жабрацкай сваёй галізною.

Але толькі мы самі

Не гэткай пароды,

Каб маўкліва глядзець на галечу прыроды.

Калі мудрыя рукі ў цябе —

Пад рукамі

Згубіць цвёрдасць сваю,

Памякчэе і камень.

І на дзіва парода бясплодная ўродзіць.

Цеплыня твая хмелем у гронках забродзіць,

Стане подых твой ветрам,

Які закалыша

У садах вінаградных

Зялёную цішу...

Мы сагрэем планету

Сваімі рукамі,

Каб наступнікам нашым

Паднесці, як дар,

Не зямлю, што хавае за пазухай камень,—

У неўвядальную зелень апрануты шар!

* * *