epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Калі расстаешся..."

Калі расстаешся з богам,

Шукай да людзей дарогі.

На змену былым маналогам

Прыходзяць цяпер дыялогі.

Гэта зусім не тое,

Што словы кідаць у залу,

Якая сваёй нематою

Ці рэхам табе адказала.

Напэўна, цяжэй, чым горы,

Сэрцы людскія рухаць.

Не слухацца ў ціхай пакоры —

Вучымся чуйна слухаць.

Вы зазубрылі мастацтва

Слацца кашуляй пад прасам.

А тут трэба пытацца

І трэба адказваць часам.

Тут мусіце кеміць з ходу,

Калі прыціскаюць партнёры.

Не падаспеюць заўсёды

Класікі, як суфлёры.

У вас адгукнецца спагадна

Суседская кардыяграма.

Пачуеце вы дакладна,

Пачуюць і вас таксама!

* * *