epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Кастры не вінаваты..."

Кастры не вінаваты, што ў іх згаралі людзі.

Злачынца не агонь, што спапяляў дамы*.

Агонь, які заўсёды ўспыхваць будзе,

І ворагам, і другам робім мы.

У тысячах абліччаў ён вядомы.

Агонь — знішчальнік. І агонь — змагар.

Як лёгка іскры ўпасці ў стог саломы.

І як нялёгка патушыць пажар.

З руплівасцю гаспадара зямнога,

Агонь, знітоўвай сталыя масты

Над прорваю варожасці былога.

Агонь — яны, і мы, і я, і ты...

Агнём вянчалі, і агнём каралі

Па волі то раба, то караля.

Ці ж для таго агонь у неба кралі,

Каб стала Хірасімаю зямля?

Агонь, які мінулымі вякамі

Скакаў нібы незакілзаны конь,

Я кратаю лагоднымі рукамі:

Будзь паслухмяным розуму,

Агонь!