epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Кажуць, даволі..."

Кажуць, даволі пра дальнія страхі.

Кажуць, даволі пра даўнія страты.

Страхі — мінулага чорныя птахі,

Страхі — патопленыя піраты.

Ды памяць, як лішні вагон,

не адчэпіш.

І без яе наперад не рушыш.

У памяці — вочы,

якіх не аслепіш.

У памяці — вушы,

якіх не аглушыш.

Песні, імёны і мары,

навалай

Гнаныя ў камеры і крэматорыі,

Рэспубліка памяці захавала

На суверэннай сваёй тэрыторыі.

Памяць нядрэмная, будзь жа ўсячутнай,

Грукай у сэрцы ўдарам тарана,

Покуль на нашай зямлі шматпакутнай

Ходзяць забойцы беспакарана.

Нават на пенсіі — за работай

Бед камандзіры, дум канваіры:

Пыл барадаты сціраюць употай

З іконаў свайго адстаўнога куміра.

Як жа мы гмах сваёй праўды завершым,

Забыўшы пра тых, што салдатамі ўпалі,

Калі адступалі мы ў сорак першым,

Калі ў сорак пятым мы наступалі?