epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Кніга

Бясследна нішто не міне,

Гісторыю слова адродзіць.

Ты — мост,

па якім да мяне

Мінуўшчына ў госці прыходзіць.

 

Мільгаюць старонкі твае —

І мы размаўляем з вякамі,

І продак да нас дастае

Радкамі, нібыта рукамі.

 

Учора і сёння —

Штодня —

У люты мароз і ў адлігу

Стварае людская радня

Жыцця непаўторную кнігу.

 

Мы пішам адменным пяром,

Што ўручана родным народам.

Пілот у нябёсах —

крылом,

Араты на полі —

нарогам.

 

Мы — словы такога пісьма,

Якое ў вяках не сатрэцца.

Ты — мост,

па якім нездарма

Іду я з патомкам сустрэцца.