epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Колькі б ты ні калясіў..."

Колькі б ты ні калясіў па свеце,

Зноў сюды сцяжынка прывядзе,

Дзе, за рукі ўзяўшыся, як дзеці,

Карагодзяць вольхі па вадзе;

Дзе вятры —

нядрэмныя гарністы —

Раніцою гоняць сон з зямлі;

Дзе рамонкі,

Як парашутысты,

Узбярэжжа рэчкі занялі;

Дзе ўначы,

Пахрумстваючы глуха,

Ліжуць цемру языкі кастра,

Ля якога да світання слухай

Казку пра музыку-гусляра;

Дзе, здаецца, толькі клікні ўголас —

І з глыбінь далёкае пары

Галасамі дружнымі наўкола

Адгукнуцца ўсе твае сябры.

* * *