epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Кропля дажджу

Я — дажджавая кропля.

Я лячу.

Я напаіць сабою зямлю хачу.

Хачу ў абдымкі свежай баразны.

Хачу наліцца зернем збажыны.

Бо адчуваю,

Бачу я здаля:

Засмягнула без вільгаці зямля.

 

Калі ў пустыню траплю я —

Мяне

Уміг пясок няўтольны праглыне.

І хай згару ў пясчаных хвалях я,

Аросіць рунь наступніца мая!

 

Я — дажджавая кропля.

Я імчу.

Я бруд і смецце змыць з зямлі хачу.

Калі ў мяне адной не хопіць сіл,

Пашле мільёны кропель небасхіл!

Я, дажджавая кропля, грукачу.

Я вас,

Хто дрэмле,

Разбудзіць хачу.

Я патрывожу ваш штодзённы сон,

Нібыта куля,

Стукну ў шкло акон.

І задрыжыць

Ад кропель ваш пакой

І пабяжыць,

Як дэзерцір, спакой.

Няхай усюды чуюць крок дажджу.

Я сэрцы, што заснулі, разбуджу!