epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Крыло і пяро

У паэтаў — грому, грому...

Дай для ўзлёту крылы, глеба!

Ім жа без аэрадрома,

Як без хлеба,

Як без неба...

 

Як працягла,

Як пакутна

Ноччу іх бязмоўнасць мучыць,

Покуль ранкам усёчутна

Слова губы не агучыць.

 

Хочаш быць раўнёй пілоту? —

Ад зямлі стартуй у неба!

Слову, як і самалёту,

Прыручаць вышыні трэба.

 

У глыбінях стратасферы

Рэактыўных пёраў росчырк.

Неба — чысты ліст паперы.

Што ты там напішаш, лётчык?

 

Да людзей праз ноч нядрэмна

Лётчык і паэт даходзяць.

Недарэмна, недарэмна

Ад крыла пяро паходзіць...

 

Хай туман у мора кане —

Дайце лётную пагоду,

Каб у залах пачакання

Не заседжвацца па году!