epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Кубінскі танец

Роем выпырхнуць гаванцы

З хатніх сотаў нездарма.

Гут, на плошчы, ставіць танцы

Рэвалюцыя сама.

 

Ногі — росчыркам маланкі,

Як гару крутую з плеч,

Ношу ў сто мільёнаў янкі

Страсянуў кубінец прэч.

 

Румба,

румба,

румба,

румба:

Стук абцасаў — гул званоў.

Адкрываем без Калумба

Мы Амерыку ізноў.

 

Ходзіць востраў-непаседа.

Навакол — кругі, кругі.

У паўночнага суседа

Падмывае берагі...

 

Скача Куба — вецер хвошча

Над расплаўленым ільдом,

Ад штуршкоў падземных пошчак

Скаланае Белы дом.

 

Толькі бліскае нямеркла

Кабура на паяску,

Як Паўднёвая Амерыка,

Што ў планеты на баку.

 

Ды глядзі — пусціўся ў танец,

Атуліўшы Кубе стан,

Малады заўжды паўстанец —

Барадаты акіян.

 

Толькі лёскат ураганам:

Сцеражыся — апячэ!..

У абдымку з акіянам

Хто закружыцца яшчэ?

 

Збоч

паўзе туман калматы,

Забінтоўвае прасцяг,

Ноч,

як Злучаныя Штаты,

Расхінае паласаты,

Чарнаваты зорны сцяг.

 

Ці не зноў у моры змова?

Да цябе з мацерыка

Так і цягнецца праз мора —

Не дацягнецца рука.

 

Ім цябе на стол бы, Куба,

Востраў Куба, кавы кубак...

Ах, як губы апяклі

Вострай ежай каралі!..