epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Кумір

Крыкнуў

«Люблю»

Людзям

Аднойчы —

Яго падкінулі ўгору

Тройчы;

І ён пайшоў

Лёгка,

Без груку

Па чалавечых руках,

Як па бруку;

Далёка дайшоў бы,

Ды ціха і глуха

Хтосьці

Куміру

Уводзіць

У вуха:

— Рукі, якія цябе ўздымаюць,

Вельмі ўжо хісткія схільнасці маюць

Могуць падвесці,

Выраніць могуць,

Могуць

У бок

Увесці

Пазногаць,

Занаравіцца,

Упіцца, як шпора...

Не, не надзейная гэта апора!

І па загаду куміра

Ламаюць

Рукі,

Якія яго ўздымаюць.

Калі ён падаў,

Думаў у страху:

Усё-ткі збылося

Прароцтва

Замаху.