epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Ля абеліска перамогі

Спыніўся час.

Свінцу смяротны россып.

Прырос к плячу дрыготкі аўтамат...

Гудуць гады,

Як паязды,—

узростам

Я перарос цябе, старэйшы брат.

Не гаснучы,

З агню фантанчык хвошча

Перад гранатай, што заносіш ты.

Рывок рукі,—

І ў скверыку на плошчы,

Як выбухі зялёныя, кусты...

Дзяўчынка,

З гора пачарнеўшы, кленчыць

Каля глухіх і нерухомых пліт.

Граніт маўчыць,

Граніт крычыць

І енчыць,

Гатовы грымнуць,

Нібы дынаміт.

Над болем ран,

Якія помсты просяць,

І над застылым стогнам нематы

Зрашэчаны баямі сцяг узносяць

Мае — навекі юныя — браты.

Хоць скамянелі самі ад знямогі,

Іх позіркі — ад Эльбы навылёт!

Яны яшчэ ідуць да перамогі...

А перамозе нашай столькі год.