epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Лічаць абраннікі лёсу..."

Лічаць абраннікі лёсу:

Ім не да клопатаў хатніх —

Прызначылі іх нябёсы

Будзіць і клікаць астатніх.

 

Адданыя справе дазвання

Гарністы людскога сумлення

У кошце свайго прызвання

Не маюць ні кроплі сумнення.

 

Яны ані ўдзень, ні ўночы

Не хочуць зажмурыць вочы.

Галовы бяссонна цвічаць —

Будзяць усё і клічуць.

 

Аплоцяцца мукі старання,

Ахвярнага непакою.

Ужо да іх прызнання,

Здаецца, падаць рукою...

 

А тыя, каго збудзілі,

Ходырам захадзілі

І з-за пабудкі горна

Бяруць трубачоў за горла.

 

— Скажыце, нашто чапалі?

Ах, як мы салодка спалі...