epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Лёс народа — Купала

Каб замкнуць пагарджанаму люду раты,

У турэмшчыкаў рук не хапала.

Сумным плачам жалейкі прарэзаўся ты,

Боль народа — Купала.

Песня тая, што спела пакутна ў душы,

Думнай долі сваёй не праспала.

Пракаціўся, як гром перуновы ў цішы,

Крык народа — Купала.

Свет пытаў у здзіўленні:

— А хто там ідзе?

З воч заслона туману апала.

Вырастаў упярэймы спрадвечнай бядзе

Меч народа — Купала.

У граніт берагоў біў маланкавы ўздым

Хвалі той, што, як гнеў, закіпала.

Дол і высь абручыліся з імем тваім,

Лёс народа — Купала.

Каб заўжды ты ўпрыгожваў сабою зямлю,

Каб віхура цябе не шчапала,

Я любоўю сыноўняй цябе атулю,

Сад народа — Купала.

Сёння зноў на вялікай штодзённай сяўбе

Слова-зерне, што ў сэрцы запала.

Мы нясём пакаленням наступным цябе,

Скарб народа — Купала.

* * *