epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Лётная пагода

Просім пагоды, як хлеба,

Хмурымся небывала.

Забаставала неба —

Туманам зямлю скавала.

 

Нібы загнаныя вязні

(Плача душа, як ка*ня),

Мы, пасажыры, завязлі

У зале пачакання.

 

Грэем сябе чаем,

Пакуль імгла асядзе,

Турбіны рычаць з адчаем,

Нібы зубры ў засадзе.

 

Мрояцца крылам узлёты.

Губы майго кахання,

Далоні маёй пяшчоты —

У зале пачакання.

 

Скалелай баразёнцы

Трызніцца з сонцам спатканне.

А сонца — ратоўнае сонца —

У зале пачакання.

 

Над хворым вядзьмарыць спрадвеку

Доктар, стаіўшы дыханне.

А кроплі гаючых лекаў —

У зале пачакання.

 

Хоць зоркі амаль па суседству,

Ды крылы — нібы на аркане.

Ах, колькі сядзець чалавецтву

У зале пачакання.

 

Быццам на пана лёкай,

Маўкліва малюся на неба:

— Дай мне пагоды лётнай —

Майго надзённага хлеба!