epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Ловяць вушы..."

Ловяць вушы радыёантэн

Пазыўныя ўсіх шырот дрыготкіх.

Мы жывём у свеце тонкіх сцен —

На зямлі адлегласцей кароткіх.

І калі дае на тым баку

Трэшчыну маленькую планета,

Не хавайся ты ў сваім кутку

І не думай, што далёка гэта.

Перакрэсляць даль любую ўшчэнт

Вочы пранікнёных тэлекамер.

Па*дае заморскі прэзідэнт,

Грудзі засланяючы рукамі...

А забойц не могуць пакараць.

Студзім каву — град стукоча ў шыбы.

Перад нашым позіркам гараць

Ад напалму людзі і сялібы.

І калі сумленне на паверцы,

Сховішча не знойдзеш анідзе:

Агнявы мерыдыян вядзе

Да твайго аголенага сэрца...

Самая страшэнная бяда

З тых плацдармаў, дзе баі грукочуць,

Да твайго зацішнага гнязда

За адно імгненне пераскочыць.