epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Людзі зямлю прыручылі..."

Людзі зямлю прыручылі.

Людзі наведалі неба.

Якія яшчэ далячыні

Нам дасягнуць трэба?

 

Лётаем вышай за птахаў

І нават гук абганяем.

Не баючыся страхаў,

Падэшвамі Месяц кранаем.

 

Чаму ж нам раніцай весняй

Шчыміць салодкім болем,

Калі жаўруковай песняй

Неба звініць над полем?

 

І я ўжо малю па сакрэту:

Выратуй век ад шаленства,

Вярні таямніцы свету,

Вёска майго маленства!..

 

Там, па мурожным улонні,

Хлапчук у кашулі зрэбнай

Узважвае на далоні

Сузор’е, што ў кропельцы срэбнай.