epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мае радкі..."

Мае радкі —

не лесвіца ў вякі,

Што недзе за туманнай рысай неба.

Мае радкі —

працяг маёй рукі,

Якой мне столькі рук паціснуць трэба!

 

Усім, чыёю ласкай даражу,

Паспеў сказаць я толькі:

— Добры ранак!..

Мне не заснуць,

Пакуль я не скажу:

— Дзень добры!..

— Добры вечар!..

і

— Дабранач!..

 

Я тупаю

па лесвіцы радкоў —

Маёй адзінай лесвіцы службовай —

Да вас, як да братоў і дружбакоў...

Сяброўства,

Кожны дзень мой завярбоўвай!

Я твой — пакуль пульсуе ў словах кроў.

Да самай кроплі. Да апошняй рыскі.

А будучыня?..

Гэта — дом сяброў,

Дзе ворагі пазбаўлены прапіскі.