epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Майстэрня

Н. Шчаснай

Тут, у майстэрні, як на сёмым небе,

У звонкай і шчымлівай цішыні

Забудзь на хвілю аб надзённым хлебе

І далучы сябе да вышыні...

Да рукатворнай вышыні, якая,

Нябесную абняўшы сіняву,

Палохае, і вабіць, і ўцякае,

І так п’янліва кружыць галаву.

О гэта непрадбачанае шчасце,

Што абручыла неба і зямлю!

я, каб не сарвацца, каб не ўпасці,

Тваю руку ратоўную лаўлю.

Я ведаю, што хараство не згіне,

Пакуль тваё святло прадзе і тчэ...

І ты мне зноў нагадваеш — багіня! —

Аб тым, што свет не створаны яшчэ.

Бяруць сваё свячэнне вітражы

У навальніцай вымытым блакіце,

У васільку, які згубіўся ў жыце,

У ружы, што чакае на мяжы.

Аб цудадзейным дотыку рукі

Спрадвеку тужыць россып розных фарбаў,

Якія прагнуць стаць сузор’ем скарбаў.

Прыходзьце, не марудзьце, мастакі.

Хто, як не ты, жыццю вясёлку верне,

Што страчана ў бяздонні цемнаты?

Я ведаю цяпер, што свет — майстэрня,

Дзе чарадзейна валадарыш ты.

Прыйшоў я не сварыцца, а скарыцца

З душой напятай, быццам цеціва.

Дзяржавы фарбаў думная царыца,

Пакінь мяне ў абдымках хараства.