epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Малако

Прыгадваю маруднасць адвячорка,

Калі зару

працэджвае паркан

І, як ад сырадою,

на падворку

Дыміцца

Цёплы чэрвеньскі туман.

Праклюнецца

З саска струменьчык звонкі —

І вось ужо вядро, як азярко.

Мне праз гады

чуваць твой водар тонкі.

Салодкі хлеб маленства —

Малако...

І адступала

цемната начная,

Запальваў зрэнкі твой глыток,

Як ток...

Ах, Млечны Шлях жыцця майго!..

Я знаю,

Адкуль бярэш ты свой зямны выток!

Трава жылплошчу аддае бетону,

І берасцянку глушыць бас гудка,

Але грымяць

аб тратуар бітоны,—

Хвалю

Бесперапыннасць малака!

Вятрамі

і дарогамі

прапахшы,

Замы*кае сігналам ля латка

Машына ўранку,

як карова з пашы,

З бляшаным вымем,

поўным малака.

Рыкай у свой ражок,

трубі,

карова,

З мурожных берагоў малочных рэк!

Адну тваю рагатую карону

Не скіне з трона мой бунтарны век.

* * *