epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Маналог акіяна

Махмуду Эсамбаеву

Трывог па горла ў акіяна...

О лёгкасць танца майго важкая!

Мне хвалявацца наканавана

За кожны човен, які гушкаю.

 

Нібы раз'юшаныя ваўкі,

пражэрліва

Па-над стыхіяй вятры завылі.

У пачарнелым святле пражэктара

Плюскочуць рукі мае —

залівы.

Іду я ўпрысядкі, не знаю зморы.

Я выгінаюся між сэрцаў кладкаю.

Даходзіць мова мая

праз моры

Да розных земляў без перакладчыка.

 

Адной рукою крануў Еўропу,

Другой паляпваю я Амерыку, —

Каб толькі хвалям не збіцца з тропу,

Каб толькі братам быў бераг берагу.

 

Вятрыску горла спакой зацісне,

І я свячуся ўжо ззяннем глянца.

Але не верце ў маё зацішша —

На дно маўчання майго загляньце!

 

Мяне падводна, балюча раняць

Драпежных рыбак тупыя кулі.

Штодня тыраняць, штодня тараняць

Душу і цела маё акулы.

 

Тут нават камень, бязгуччам скуты,

Здаецца, блізка зусім да віску.

За міг бязважкасці — век пакуты

У перагрузках нямога ціску!

 

Я прасаліўся, прагорк ад поту,

Ці гэта хвалі, ці гэта мускулы,

Заўсёды ўпрэжаныя ў работу,

Нястомна ходзяць у рытме музыкі.

 

Між белай грывы праглянуць плешы

То я ўскіпаю, то халадзею.

Але ўскладайце вы мне на плечы,

Нібыта судны, свае надзеі!