epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Маналог сабакі

Я з вядомай пароды сабак,

У двары гаспадарскім зух.

Я жыццё адчуваю на смак,

Я жыццё адчуваю на нюх!

 

Я, варушачы свой ланцуг,

Выглядаю: каго нясе?

Той, хто есці дае — мой друг,

А астатнія ворагі ўсе!

 

Трэніруючы галасок,

Выю, гаўкаю і вішчу.

Калі смачны пакажуць кусок,

Я на задніх лапках скачу.

 

А калі налятаю я

І зубамі хапаю ахвяр,

Хіба ў гэтым віна мая?

Нацкаваў мяне гаспадар.

 

Лямку долі сваёй цягну.

Мне нялёгка. Нашто хлусіць?

Цэлы век задачу адну

Вырашаю — лізнуць ці ўкусіць...

 

З вас, двухногіх, хто на зямлі

Зразумее маё выццё?

Я пытаю, а вы б змаглі

На карачках усё жыццё?

* * *