epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Мелодыя

1

Хутчэй, хутчэй!

У поле, за аколіцу.

Наўпрост

Па золкіх росах басанож.

Мурожны луг то сцелецца, то колецца,

І кожная травінка —

Быццам нож.

 

Стрываю.

Сілы ў ветрыка пазычу я.

І дабягу,

Каб глянуць хоць здаля:

А што за тою рысай таямнічаю,

Дзе знітавана неба і зямля?

 

З надрэчча цягне сіняй прахалодаю.

На небе ранак

З хмар карункі тчэ.

І я лаўлю

Нячутную мелодыю,

Якая не народжана яшчэ.

 

 

2

 

Скаціўшыся ў раку

Са Шляха Млечнага,

Гараць агні,

Не гаснучы ў вадзе.

Ідзём удвух сцяжынаю надрэчнаю,

Якая аж за небакрай вядзе.

 

Ідзём,

І гэтак лёгка нам ступаецца,

Што ледзьве крокі ў цішыні чутны.

І ўжо сцяна прад намі расступаецца

З густой і непраходнай збажыны.

 

Ды раптам —

Гром у раніцу пагодную.

Але не дождж —

Агонь зямлю сячэ.

І глушыць выбух

Чыстую мелодыю,

Што не паспела загучаць яшчэ.

 

 

3

 

 

Ні ўдзень ні ўноч

Не ведаем адбою мы.

Хрумсцяць пясчынкі пылу на зубах.

Агонь і дым —

І чорныя прабоіны

Нясуць чужыя танкі на гарбах.

 

Мы крочым —

І варушыцца пад ботамі,

І вось, здаецца, выслізне з-пад ног

Зямля, нібы клубок,

Які абмотаны

Заблытанымі ніткамі дарог.

 

Наўкол заскачуць

Дрэвы карагодамі,

Калі мне куля

Грудзі апячэ...

І абарвецца назаўжды мелодыя,

Якая не спявалася яшчэ.

 

 

4

 

 

І я засну каля вярбы пахілае.

І больш расплюшчыць не змагу вачэй.

Глынуў на ўсіх дарогах

Столькі пылу я,

Што сёння людзям

Дышацца лягчэй.

 

Пачуўшы гул дарожны,

За аколіцу

Шыбуе хлопчык, топчучы мурог.

І росы не пякуць,

Трава не колецца.

Убок сцяжына

Не бяжыць з-пад ног.

 

Дыміцца парай

Раніца халодная.

Сінее росны след на мураве.

І ў свеце нараджаецца мелодыя,

Якую ўжо нішто не абарве.