epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Мера

К д’яблу метры і мэтры!

Пакрысе, пакрысе

Напаўняецца ветрам,

Напінаецца ветразь,

Што твой човен трасе.

Дні, як белыя ватманы,

Перачэрчвае быт.

Прагнуць людзі і атамы

Безразмерных арбіт.

Кантрабандай з таверны —

Пырсне слова з пяра.

Выспеў верш безразмерны

У душы песняра.

Брацкіх могілак горы

У зямлі на гарбе...

Безразмернае гора,

Чалавек, у цябе.

Дрэмле завязь у кветках —

Не прагледзь, чалавек!

Ў безразмерных шкарпэтках

Скача атамны век.

К д’яблу метры і мэтры! —

Твой апошні дэвіз...

Бачыш — грыб у паветры

Безразмерна павіс.

К д’яблу Кліберы і Рыхтар!

Рынуў джазавы рык!

Безразмерныя рытмы

Растраслі мацярык...

Толькі фрэскі, як трэскі,

З эрмітажаў далоў.

Толькі блісне ды трэсне

Тры мільярды галоў.

Грымпе космас у горны

Чорным россыпам нот...

Стой! Рукамі — за горла

Падпалены кнот!

Ніжай зорная млечнасць —

Разгінаецца раб!

Чалавечнасць, як вечнасць,

Твой бязмерны маштаб!