epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мераў ён шлях..."

Мераў ён шлях да вялікасці

Паклонамі ў рабскай шчырасці.

Марыў

ад іх шматлікасці

Сам да вялікага вырасці.

 

Шыла ў ім булатнасць апрычніка.

І паслухмянасць маўчальніка.

Любіў ён маторнасць клічніка,

Не ведаў сумненняў пытальніка...

 

Ды лёс яму выпаў бядачы:

Фартуна ягонай удачы —

Баба капрызнага норава

З яго пасмяялася здорава.

 

Столькі службовых іконаў

Было над чалом маўчальніка,

Што выгнуўся ад паклонаў

Ён сам, як знак запытальніка.