epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Міны

Якія ў вас на тварах міны,

Які агонь душу пячэ,

Калі здымаеце вы міны,

Што ўчора ставілі яшчэ?

Згубіў ужо свае правы

Пірацтва вопыт непатрэбны —

Здымайце сорам той ганебны,

Якім сябе пакрылі вы.

Тут смерць, што дрэмле ўглыбіні,

Бабахнуць можа ў міг адзіны.

Як кажуць, пры благой гульні.

Не зробіце вясёлай міны.

Заслон варожасці і зла,

Які вы ўзводзілі старанна,

Паў ад народнага тарана —

Вы бачыце, чыя ўзяла?

Праз джунглі грому і метала

Дарогай горкіх ран і страт

У час даходзіў, што б ні стала,

Да друга друг, да брата брат.

Хто там употайкі яшчэ,

Люляючы вайны ўспаміны,

На сцежках згоды ставіць міны,

Сіло для новай змовы тчэ?

Давайце поле душ праполем

Ад зла былога спакваля,

Каб непраходным мінным полем

Не стала заўтра ўся зямля.

Хай адступае небяспека

На трасах сушы і вады,

Каб чалавек да чалавека

Ішоў бязбоезна заўжды.