epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Мой лес

Лес, як вада, наталяе смагу.

Задыхаючыся ў вулічнай таўкатні,

Я лесу крычу,

як ратоўнаму магу:

— Дай мне глыток сваёй цішыні!

У бор, як у тайну,

загляну я,

Каб зведаць сапраўдную глыбіню:

За абыякавасцю драўлянаю

Колькі ўнутры схавана агню!

Калі да мары маёй стопавярховае

З паходняй падпальшчыка {падпалынчыка

вораг лез,

Я сказаў:

— Будзь маёй аховаю.

Самая мнагаствольная артылерыя —

Лес.

Дубы і сосны,

не ўмеючы клясціся,

Заўсёды маўкліва прымалі бой.

На гэткіх і сёння

можна пакласціся:

Не падвядуць у службе любой.

Скрыпкай дык скрыпкай,

якая б прапела

Крык,

і надзею,

і гора да дна —

Усё, што нямая лясная капэла

Выказаць людзям хацела здаўна.

Мачтаю —

ростам ад кроны да кораня.

Ці мала яшчэ высокіх пастоў?

Я дрэвам самую бездакорную

Характарыстыку выдаць гатоў.

Выстаялі.

Не адступілі.

У акупацыі

Не былі.

Вось што значыць як след акапацца,

Укараніцца на роднай зямлі!

Секлі,

палілі цябе на бяду маю,

А ты зноў — галавой да нябёс.

Я пра цябе часта думаю,

Мой лес —

Мой лёс.