epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мой прынёс..."

Май прынёс Перамогу.

У Маі расцвіў бэз.

У Маі прымаю трывогу,

Што тупае да парогу,

Без...

Без бацькі сын вырас.

Прыродзе наперарэз

Множыцца, быццам вірус,

Без...

Нага без нагі —

Пратэз.

Як рэха мінулага, стукае

У сэрцы і камяні.

Завея бяздомнай сукаю

Сціхла ўдалечыні.

Вуліцай у непагоду

Безвач народ ідзе.

Бездараж. Ад галалёду

Не ўратавацца нідзе.

Аўтобус, што коціцца роўна

Зачыкільгае раптоўна

І панясе, панясе

Гэтак, што ахнуць усе.

Не ўтаймаваць гайданку.

Хіба не бачыце вы,

Як крутануў баранку

Вадзіцель без галавы?

У твары пранізліва хукае,

Разбегам збіваючы з ног,

Эра бязмерных хуткасцяў,

Эра люстраных дарог.

Лёс мой — шалёны аўтобус

Без тармазоў і руля.

За паваротам,

як глобус,

Выслізнуць можа зямля...

Множыцца страшнае «без»,

Быццам бязродны бес.

Вокны без шыбы.

Свет без падзей.

Мора без рыбы.

Дом без людзей.

Без...

Без...

Без...

Бездань, як позва.

Стойце — яшчэ не позна!

* * *