epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

Мора

Навек пахаваўшы ў глыбінях спакой,

Плюскочаш, не знаючы зморы,—

Каменні варочаеш хваляй цяжкой,

Мора.

 

Якую вялізную ношу ні ўскінь

На плечы табе, непакора,

Нясеш, як пушынку, яе ўдалячынь,

Мора.

 

Хіба ж толькі сілай магутнае ты? —

Штохвілю змяняеш калёры...

Я ведаю добра твой нораў круты,

Мора.

 

Ты ласкай умееш прывабіць усіх,

І нават высокія зоры

Спускаюцца ўночы да хваляў тваіх,

Мора.

 

Ды раптам вятры штармавыя дыхнуць,

Усходзіцца пенай прастора —

Усё ты гатова тады паглынуць,

Мора.

 

З трывогай гляджу ў непагоду здаля:

Грувасцяцца хвалі, як горы,

І кропкай здаецца мне гмах карабля —

Ў моры.

Ды кропку паставілі людзі... Яе

Ужо не сатрэш і не скорыш!

Іх воля магутней, чым хвалі твае,

Мора.