epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мы - галіны..."

Мы — галіны.

А вы — карэнні.

Мы — наследнікі.

Продкі — вы.

Вы маўчыце ў сваім сутарэнні,

Мы шумім шматгалоссем ліствы.

Лупіць нас то град, то залева.

Нас калоцяць крутыя вятры.

Мы хістаемся ўправа і ўлева,

Падпіраючы сонца ўгары.

І з-за ўласнага гоману дрэнна

Чуем мы ваш дакор нямы.

Два паверхі адзінага дрэва —

Вы і мы...

Пазіраем падчас звысоку

Мы, галіны,

На вас, карані.

Хоць і знаем, засохлі б без соку,

Што знаходзіце вы ў глыбіні.

Нам — святло,

А вам — сутарэнне.

Гэта дадзена лёсам самім;

Нас трымаеце вы, карэнні,

Вы маўчыце, а мы шумім.