epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мы прагнем..."

Мы прагнем хуткае язды.

Забыўшыся на небяспеку,

Ляцім шалёна хто куды...

Ах, спешка веку,

Спешка веку!

У тлуме еду,

як і ўсе,

Між спадарожнікаў вясёлых.

Мяне калыша і нясе

Аўтобус —

інтэрнат на колах.

Тут упрытык сусед з суседам,

Пінжак з сукенкай упрытык.

За выбухамі смеху

следам —

Сварлівасці грачыны крык.

Тут упрытык з галінкай бэзу —

Тугі румянец калача,

І побач з нематой пратэзу —

Цяпло юнацкага пляча.

Тут побач з боцікам блішчастым

Цяжкі салдацкі чаравік.

Тут учарашняе з сучасным,

Тут боль з уцехаю ўпрытык.

Асфальт ільсніцца, як вада,

І не канчаецца гайданка.

Адна язда,

Адна бяда

Усіх трасе,

як ліхаманка.

Ад нечаканага рыўка

Дарога ўздыбіцца прамая,

Хай будзе пільнаю рука

Таго,

хто дрогкі руль трымае.

Адданыя трывожным трасам,

Стаім цярпліва ці сядзім.

Сто чалавечых лёсаў разам,

Як лёс адзін,

Як лёс адзін.

* * *