epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Мы ўдваіх..."

Мы ўдваіх. Разгойданая лесвіца.

Узыходзім. Шоргат крокаў. Цень.

Ты — маёй паэзіі равесніца.

Вусны вуснам кажуць: — Добры дзень!

 

Лямпачкі насценныя адключаны.

Цемрыва, бяздомных прытулі,

Блаславі раптоўныя заручыны

Дня і ночы, неба і зямлі.

 

Дзверы, нібы камеры, зачынены.

Пад замком утульнасць і спакой.

Зыркаюць на нас з замочнай шчыліны

Зрэнкі бессаромнасці людской.

 

Нават дуб з рабінай ажаніліся

На вясельным скрыжаванні рэк.

І спаткацца толькі мы спазніліся —

Усяго на чалавечы век.

 

Узыходзім лесвіцаю стромкаю.

Стоены трымаюся ў журбе

За руку тваю, як за саломінку...

Як жыццё пражыў я без цябе!

* * *