epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На берагах былінных..."

На берагах былінных Свіцязі,

Спавіўшы хмарамі чубы,

Стаяць, як казачныя віцязі,

Шыракаплечыя дубы.

А вецер часу выпрабоўвае

Іх вытрымку, іх строй лясны.

Ды з непахіснасцю дубоваю

Вартуюць скарб жывы яны.

Сюды не падступіцца ворагу.

Дрыготным невадам удач,

Пясняр, лаві ў бяздонні возера

Паданняў звонкіх смех і плач.

І адыходзяць небяспечнасці,

І даспяваюць жалуды...

Замры перад дыханнем вечнасці

У трапяткім святле вады.

* * *