epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

На далёкім паўстанку

Паравоз пракрычаў і заціх,

І ў вялізным людскім карагодзе

Незнаёмка твая знікла ўміг,

Ад якой ты вачэй не адводзіў.

 

З тваім позіркам позірк яе

Першы раз сустракаўся сягоння,

А ўжо мары і думкі твае

Паляцелі за ёю ў пагоню.

 

Ты зайздросціш праезджым усім,

Шлях жа твой —

у зваротным напрамку.

Мо навек ты са шчасцем сваім

Размінуўся на гэтым паўстанку?

 

Дождж халодны па твары сячэ,

Але ты ўсё не сходзіш з перона,

Бо ўдалі не згубіўся яшчэ

Аганёк за апошнім вагонам.