epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

На горным схіле

Пасля вялікай і цяжкой дарогі,

Што абвіла мо сотні горных скал,

Калі самлець ужо гатовы ногі,

Якой здаецца радасцю прывал!

У засені, пад веццямі густымі,

Што засланілі ўвесь блакіт сабой,

Пазвоньваючы флягамі пустымі,

Прысаджваемся шумнаю гурбой.

Выходзіць з хаты юная гуцулка,

З вадою збан яна падносіць нам.

Чаму ў мяне так сэрца б’ецца гулка,

Я разабрацца не магу і сам.

Яна мне ў флягу срэбра налівае.

Як жар, гарыць яе квяцісты ўбор.

Усёй душой юнацкай адчуваю

Я ў гэты міг красу Карпацкіх гор...

Нямала дзён, як прамінула лета,

Але ўспаміны ўсё жывуць аб ім.

Як я хацеў бы зноў стаміцца гэтак

І адпачыць на горным схіле тым!

* * *