epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

На граніцы з Румыніяй

Не вал і не рубеж, умацаваны

Бетоннаю ці каменнай сцяной,—

А стужка парыжэлага паркана

Уецца па-над Цісаю-ракой.

На тым баку па цаліне вясновай

Ідуць выдатнай маркі трактары.

Закрэслівае межы плуг сталёвы,

А з межамі — гаротны дзень стары.

Плывуць барозны ў даль ад пералеску

І зараўноўваюць акоп былы,

З якога некалі фашысты Антанеску

Нацэльвалі гарматныя ствалы.

 

Сваім гудзеннем трактарны матор

Шум пагранічнай Цісы заглушае.

Я слухаю і ўсёй душой вітаю

Свежаўзаранае зямлі прастор.