epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На моры - бура..."

На моры — бура, на сушы — ціша.

Над сушай — ясна, над морам — хмары.

На моры хваля крылом калыша

Счарнелы парус блакітнай мары.

Завербавала душу гайданка,

Дзе міг і вечнасць у паядынку.

Ах, бура, бура — мая каханка,

Як страшна вабяць твае абдымкі!

Я буду потым, у пырсках белых,

Калі стыхія мяне аглушыць,

Як паратунак, лавіць той бераг,

Дзе аўдавела, сумуе суша.

Той чорны човен, які чакаю,

Там пахавае бяздонне зараз.

Чаму ж у буру ізноў пускаю

Блакітнай мары юнацкі парус?

* * *