epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На пляцоўку маёй далоні..."

На пляцоўку маёй далоні

Робіць пасадку дажджынка.

Дзень добры,

Вандроўніца!

Раскажы,

Дзе ты была?

Можа, ты стартавала

З атлантычнае хвалі?

Можа, знішчальнікі

На цябе палявалі —

Агнём палівалі?..

Ты дрыжыш напалохана, бачу.

Можа, ты ад імя плачу?

Можа, ты ад імя гарачых

Слёз удовіных,

Слёз дзіцячых?

Можа, ты —

Спавядацца патрэба?

Закрані. Скалані. Прасвятлі.

Можа, гэта аплаквае неба

Боль няўцешны маёй зямлі...

У дажджынкі —

Смак мора.

У дажджынкі —

Смак гора.

Госця хмары вандроўнай —

Дажджынка,

Чалавечай бяды слязінка.

Да маёй далоні прыстань,

На далоні маёй растань.