epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На спадарожнікаў побыту..."

На спадарожнікаў побыту

Можам абапірацца:

Робаты,

Робаты,

Робаты

Нам памагаюць у працы.

 

Робат праводзь між рыфаў

Лайнер у час урагана.

Робат, падкінь рыфму,

Каб загучала арганна.

 

Гарласта крычыць афіша:

Ах, навіна якая!

Трапеча гросмайстар Фішар —

Робат на бой выклікае.

 

Ты робіш поспехі, робат —

Мой электронны лёкай.

Красой аздабляючы побыт,

Як ты зайшоў далёка!

 

Захоплены ўласнай сілаю

Ды кемлівасцю гарэзнаю,

Спрабуеш маю мілую

Схапіць у абдымкі жалезныя.

 

Акрэсліўшы абавязкі,

Стварыў я цябе для работы,

А ты захацеў ласкі,

А ты захацеў пяшчоты.

 

Споўняць рукой крутою

Робаты з норавам простым

Тое, што просім, і тое,

Чаго мы ў іх не просім.

 

Ганю* з галавы стому —

На сэрцы каціны скробат...

 

Ды што мне думаць самому —

Няхай думае робат.

 

Дбаючы разам з векам

Аб электронным цудзе,

Памятай —

чалавекам

Ніхто за цябе не будзе.

* * *