epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На спатканне з табой..."

На спатканне з табой адтуль,

Выбачай, я не змог прыйсці.

Затрымала чарга куль

На парозе маіх дваццаці...

Як адзіную, што люблю,

Ад імя пралітай крыві

Прытуліў да грудзей зямлю

На парозе маёй любві.

За парогам вясна была,

Бэз, што квецень у сонцы купаў,

Даль, нагрэтая дабяла...

Але я на парозе ўпаў.

Пад шурпатай маёй рукой

Зарунелі, як рань, жыты.

Я — пясчынка зямлі, на якой

Няньчыш хлеб і цюльпаны ты.

А калі цябе ў збажыну

Завядзе салаўіная ноч,

Каласамі твой стан ахіну,

Ад цікаўных схаваю воч.

Давяраючы спелай цішы,

Таямніцу сваю, як дзіця,

Калышы, калышы, калышы

У жытнёвай калысцы жыцця.

* * *