epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На вішнях - цвет..."

На вішнях —

цвет густы.

Шчасліваю парою

Спаткаліся браты

Не па крыві, па зброі,

Браты па той бядзе,

Браты па той паверцы,

Што з году ў год ідзе

І стукаецца ў сэрцы.

І грудзі аднаму

Пяклі асколкі мукі:

— Ах, як вас абдыму?..

Вайна забрала рукі.

Другі нямеў,

як звон,

Як абабіты колас.

Як усміхнецца ён?..

Вайна забрала голас.

А трэці быў бы рад,

А трэці быў ахвочы

Загаласіць ад страт —

Вайна ж забрала вочы.

Вы, што бачыце,

Што ў горы людскім рыбачыце,

Вы, што чуеце,

Што на падушках з пораху начуеце,

Ці бачыце кулак бязрукіх?

Ці чуеце

Крык бязгубых?

Ці чуеце

Плач бязвокіх?

На вішнях —

цвет густы.

Шчасліваю парою

Спаткаліся браты

Не па крыві,

па зброі.

* * *