epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"На зямлі заселеных лясоў..."

На зямлі заселеных лясоў

Спеў і брэх ідуць за мной усюды.

Я жыву між салаўёў і псоў,

Ад якіх мне не ўцячы нікуды.

 

Гэтак лёс часамі страсане,

Што гатоў сабакам заскуголіць.

Але голас салаўіны мне

На карачкі ўпасці не дазволіць.

 

А калі ад песні салаўя,

Што захопіць сэрца да астачы,

У вышынях закружуся я,—

На зямлю вяртае брэх сабачы.

 

Гукі, што з трывогаю лаўлю,

Больш мяне палохаюць, чым цешаць.

Як спяваць салісту салаўю,

Калі псы, задраўшы пыскі, брэшуць?

 

Хоць абрыдлы брэх даецца ў знакі

Песнярам крылатым у гаі,

Думаюць з палёгкай салаўі:

— Добра, што не лётаюць сабакі...