epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

На зыходзе дня

На зыходзе дня ідзём дадому,

Несучы заслужаную стому.

Мітусню з’ядае цішыня

На зыходзе дня.

Белы дом. І белы дым з аселіц,

Сонца ліхаманіць уваччу,

Я схапіцца за прамень хачу,

Быццам за саломінку тапелец.

Дрэмлюць рухі — спачывайце, рукі,

Спіце, вочы — змрок такі густы,

На лістве бяроз замерлі гукі,

Слых, ці чуеш? Адпачні і ты!

Пагасцілі. А цяпер мы дома.

Супакой маю душу, спакой.

Цішыня халоднаю рукой

Атуляе грудзі нерухома.

Ноч, нібы замкнёная скарбонка,

Нематою томіцца прасцяг.

Каля весніц рыпнула сасёнка.

Хутка — ранак.

Хутка — дня працяг.