epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Макаль

"Набрыняўшы жыццём..."

Набрыняўшы жыццём, галлё

Ціха стукае ў сінь акна.

Я здымаю трубку:

— Алё!

— Гаворыць вясна!..

 

Я, цярэбячы дрогка рукаў,

Мармычу, увесь веснавы:

— Вельмі рад — я даўно чакаў,

Што пазвоніце вы.

 

Вас чакалі палі і сады,

Што прачнуліся ў гамане...

Трапяткіх галін правады

Падключыліся да мяне.

 

Я гляджу ў вышыню з-пад рукі,

І чародкай ляцяць прада мной

У святочных фраках гракі.

— Вы куды?

— На спатканне з вясной.

 

У вачах у жонкі адчай,

Засланіла мяне сцяной.

— Мая любая, выбачай,

Я бягу на спатканне з вясной!